
У апошнія гады музейшчыкі ўсё больш увагі надаюць працы з дзецьмі рознага ўзросту. Менавіта гэтай праблеме і быў прысвечаны адзін з найбуйнейшых музейных форумаў, які на мінулым тыдні прайшоў у Казані (Рэспубліка Татарстан).
18-20 верасня 2025 г.загадчык Краязнаўчага музея Полацка І.П. Воднева прыняла ўдзел ва Усерасійскай музейнай канферэнцыі «Музейныя дыялогі» на тэму «Як музеям пасябраваць з дзецьмі і падлеткамі». Удзельнікамі дадзенага форуму сталі 51 спікер і 44 слухачы з 39-і гарадоў Расіі – Казані, Санкт-Пецярбурга, Масквы, Ніжняга Ноўгарада, Екацярынбурга, Пермі і іншых, а таксама прадстаўнікі 3-х найбуйнейшых музейных арганізацый Рэспублікі Беларусь з г. Полацка, г. Нясвіжа і п. Мір.
На працягу трох дзён удзельнікі канферэнцыі абмяркоўвалі пытанні, якія тычацца розных форм работы з дзецьмі і падлеткамі, пачынаючы ад самых маленькіх наведвальнікаў музея і заканчваючы вучнямі старэйшых класаў. Спектр мерапрыемстваў быў вельмі шырокі: панэльная дыскусія, тры сесіі у Казанскім Крамлі, ворк-шоп на тэму партнёрства пры распрацоўцы дзіцячых праграм, дзве прэзентацыі ў рамках публічнай праграмы, выязная сесія ў Елабужскі музей-запаведнік, а таксама экскурсія па Казанскім Крамлю і дадатковая культурная праграма ў Елабузе.
Музеі, як у Беларусі, так і ў Расіі пастаянна ўдасканальваюць свае дзіцячыя праграмы, імкнучыся прыцягнуць да сябе юных наведвальнікаў. На канферэнцыі былі прадстаўлены лепшыя музейныя практыкі, а ў фармаце дыялогу гучалі канкрэтныя парады і прапаноўваліся найбольш эфектыўныя інавацыйныя формы работы.
Усе ўдзельнікі музейнага форуму аднагалосна адзначылі высокі прафесійны ўзровень правядзення канферэнцыі, актуальнасць прапанаваных тэм і падзякавалі арганізатарам за магчымасць удзелу ў ёй.