
15 кастрычніка ў музеі Максіма Багдановіча адбылася прэзентацыя мастацка-дакументальнай выставы «Мая сям’я». Гэта сумесны праект Літаратурнага музея Максіма Багдановіча і Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва.
З прывітальнымі словамі да гасцей імпрэзы звярнуліся загадчык музея Міхаіл Бараноўскі і вядучы навуковы супрацоўнік архіва-музея Дзмітрый Самахвалаў. У адкрыцці выставы прымала ўдзел Вольга Дашкоўская, стрыечная ўнучатая пляменніца М.Багдановіча, якая жыве ў Мінску.
На імпрэзе госці маглі ўбачыць відэапрывітанні ад прадстаўнікоў радаводнага дрэва паэта – Наталіі Сарока (Краснадар), Кацярыны Касабокавай (Новасібірск), Алісы Левінай (Масква) і пачуць некалькі лірычных песень на словы Максіма Багдановіча ў выкананні мастацкага кіраўніка Народнага тэатра “Жывое слова” Алесі Сівохінай.
Запрашаем наведаць выставу, пазнаёміцца з унікальнымі экспанатамі, якія распавядаюць пра вялікую сям’ю Максіма Багдановіча.
#Максім_Багдановіч #мая_сям’я #радавод_Багдановіча