
10 кастрычніка ў Чэрвеньскім раённым краязнаўчым музеі адбылася прэзентацыя выставы «Мілая мая Марылька» з фондаў Літаратурнага музея Максіма Багдановіча.
Сёлета мы святкуем 155-годдзе з дня нараджэння маці паэта Марыі Апанасаўны Багдановіч. Яна нарадзілася ў мястэчку Ігумен (зараз Чэрвень) і пражыла тут да 10 гадоў. Сімвалічна, што ў юбілейны год менавіта на радзіме матулі пачала працаваць выстава, якая распавядае пра яе жыццё, творчасць, пра родных і сяброў.
З прывітальнымі словамі да ўдзельнікаў імпрэзы звярнуліся дырэктар Чэрвеньскага музея Алена Забаронак і загадчык сектара музея М.Багдановіча Алена Кніга. З музычным прывітаннем выступіла Алеся Сівохіна, мастацкі кіраўнік Народнага студэнцкага тэатра “Жывое слова”. Вядучы навуковы супрацоўнік музея Максіма Багдановіча Ірына Мышкавец правяла экскурсію па выставе, адказала на пытанні гасцей.Было вельмі цёпла, сардэчна, утульна, не хацелася развітвацца.
Дырэктар Чэрвеньскага музея Алена Валер’еўна прапанавала ў межах выставы арганізаваць круглы стол, прысвечаны музейным і архіўным пошукам, звязаным з Марыяй Багдановіч (у дзявоцтве Мякота) і яе сям’ёй. Супрацоўнікі музея М.Багдановіча ініцыятыву падтрымліваюць, тым больш, што праведзена вялікая праца, выяўлена шмат дакументаў да радаводу Мякотаў.
Мы не развітваемся, а рыхтуемся да новай сустрэчы. Запрашаем жыхароў Чэрвеня і гасцей горада наведаць выставу «Мілая мая Марылька» і падзяліцца потым уражаннямі!