
19 кастрычніка а 13-й гадзіне Музей традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я запрашае ўсіх жадаючых на майстар-клас па роспісе глінянай талеркі.
Роспіс посуду — гэта мастацтва, якое не толькі ўдасканальвалася на працягу стагоддзяў, але шануецца і зараз, бо каб атрымаць добры вынік, патрабуецца фантазія і ўседлівасць.
Пад кіраўніцтвам майстра Юліі Ярахновіч удзельнікі нашага майстар-класа змогуць пазнаёміцца з асаблівасцямі працы фарбамі па кераміцы, а таксама стварыць посуд з аўтарскім, непаўторным малюнкам. Ляпіць рукамі не давядзецца, бо майстар падрыхтуе ўжо гатовы посуд, які госці павінны будуць толькі расфарбаваць на свой густ.
Атрыманая талерка нікога не пакіне абыякавым. Яна стане не толькі прыгожым элементам інтэр’еру, але знойдзе і практычнае прымяненне ў гаспадарцы, бо пры яе вырабе выкарыстоўваецца харчовая фарба.